ЗЕМЛЕЧАРПА́ЛЬНЫ СНАРА́Д,

плывучая землярыйная машына з чарпаковым прыстасаваннем для вымання грунту з-пад вады. Рабочы орган адначарпаковых З.с. — коўш ёмістасцю да 20 м3 (глыбіня чэрпання да 30 м) або грэйфер многачарпаковых — шэраг каўшоў ёмістасцю да 1,5 м3, злучаных у выглядзе замкнёнага ланцуга (глыбіня чэрпання да 18 м). Падняты каўшамі грунт выдаляецца ў адвалы (разам з вадой па латаках, трубаправодах) ці загружаецца на грунтаадвозную шаланду або баржу. Выкарыстоўваюцца для днопаглыбляльных работ, капання падводных катлаванаў, узвядзення дамбаў, насыпаў, здабычы карысных выкапняў і інш. Здабыўныя З.с. маюць абагачальную ўстаноўку і наз. драгамі.

М.М.Кунцэвіч.

Шматкаўшовы землечарпальны снарад.

т. 7, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)